Language

Главная Посольство Новости

Аб удзеле беларускага тэатра ў мерапрыемствах у Сербіі

8-12 сакавіка 2018 года Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі прыняў удзел у XVII Міжнародным тэатральным фестывалі “Славія-2018” у Бялградзе. Спектакль па пʼесе беларускага аўтара Андрэя Іванова “І гэта ўсё яна” прайшоў з аншлагам і выклікаў жывы водгук сярод сербскіх гледачоў.

Паспяховаму паказу спектакля спрыялі смеласць у выбары сюжэту і арыгінальнасць пастаноўкі, талент і майстэрства акцёраў, а таксама арганізаваны пры падтрымцы Пасольства “бягучы радок” рэплік акцёраў на сербскай мове.

Пасол Беларусі ў Сербіі Валерый Брылёў і саветнік Пасольства Міхаіл Кажура ў гутарцы з акцёрамі тэатра і рэжысёрам спектакля выказалі словы ўдзячнасці за цудоўную акцёрскую ігру і ўклад у папулярызацыю беларускай культуры ў Сербіі.

Падчас знаходжання РТБД у Сербіі па ініцыятыве Пасольства і пры падтрымцы Сакратарыята па культуры аўтаномнага краю Ваяводзіна быў арганізаваны Дзень беларускага тэатра ў г.Новы Сад. Паказ спектакля прайшоў на сцэне Тэатра горада Новы Сад, дзе таксама выклікаў узвышаную рэакцыю ўдзячных сербскіх гледачоў.

Пры садзейнічанні Пасольства праведзены перамовы кіраўніцтва РТБД, бялградскага тэатра “Славія” і Тэатра горада Новы Сад аб далейшым умацаванні творчых кантактаў паміж тэатральнымі ўстановамі абедзвюх краін.