:

Характарыстыка рынку і знешняга гандлю Сербіі

Эканамічнае становішча Сербіі па выніках 2022 года: ВУП – 63,2 млрд. долараў ЗША, дзяржаўны доўг – 53,4% ВУП, інфляцыя – 15,1%, узровень беспрацоўя – 8,9%.

Сербія з’яўляецца дзяржавай з пераходнай эканомікай і пераважна рынкавымі механізмамі рэгулявання, якая дэманструе ў апошнія гады макраэканамічную стабільнасць як на ўнутраным рынку, так і ў пытаннях міжнароднага гандлю. Стабільнасць і эканамічны рост Сербіі апошніх гадоў забяспечаны, галоўным чынам, за кошт структурных рэформаў і прытоку замежных інвестыцый. Працягваецца прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і рэсурсаў, актыўна развіваецца фінансавы і прыватны сектар.

З мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці эканомікі і забеспячэння высокіх тэмпаў эканамічнага росту краіны сербскі ўрад плануе і ў далейшым засяродзіць усе намаганні на прыцягненні замежных інвестыцый, павелічэнні экспарту, падтрымцы старт-ап кампаній, кампаній малога і сярэдняга бізнэсу, забеспячэнні рэгіянальнай спецыялізацыі перапрацоўчых галін і распрацоўцы новай прамысловай палітыкі.

Сур'ёзнымі праблемамі эканомікі Сербіі з'яўляюцца значны аб'ём знешняга доўгу, высокія выдаткі на сацыяльныя выплаты, беспрацоўе, неабходнасць стварэння новых працоўных месцаў.

Станоўчыя ўмовы для эканамічнага росту – стратэгічна выгаднае тэрытарыяльнае становішча, недарагая і адносна кваліфікаваная рабочая сіла, розныя інтэграцыйныя і прэферэнцыйныя пагадненнi.

Рэжым свабоднага гандлю дзейнічае з Еўрапейскім саюзам, краінамі Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю (ЕАСГ: Нарвегія, Швейцарыя, Ісландыя і Ліхтэнштэйн), а таксама ўдзельнікамі Цэнтральнаеўрапейскага пагаднення аб свабодным гандлі (CEFTA: Македонія, Чарнагорыя, Боснія і Герцагавіна, Албанія і Малдова) і Турцыяй. З 10 ліпеня 2021 г. дзейнічае Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю Сербіі з дзяржавамі — членамі Еўразійскага эканамічнага саюза (двухбаковыя дагаворы Сербіі з Беларуссю, Казахстанам, Расіяй спынілі дзеянне).

Сербія з'яўляецца ініцыятарам інтэграцыйнага праекта “Адкрытыя Балканы” (раней – “міні шэнген”), які прадугледжвае стварэнне ў Балканскім рэгіёне ўмоў для свабоднага перамяшчэння тавараў, паслуг, рабочай сілы і капіталу. Удзельнікамі ініцыятывы з'яўляюцца таксама Паўночная Македонія і Албанія.

Асноўнымі партнёрамі для сербскага экспарту з'яўляюцца Германія, Італія, Боснія і Герцагавіна, Румынія, Венгрыя і Расія. Асноўныя артыкулы экспарту – электраабсталяванне, медная руда, шыны, кукуруза, рафінаваная медзь, чорныя металы, маліна, чысцячыя сродкі.

Для ўступлення ў ЕС (статус кандыдата атрыманы ў 2012 г.) Сербія прыводзіць нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з еўрапейскімі прадпісаннямі і патрабаваннямі.

Знешні гандаль фактычна вядзецца ў прававым полі, максімальна набліжаным да еўрапейскіх стандартаў. Дзейнічаюць жорсткія антыманапольныя і тэндэрныя правілы.

Арганізацыя паставак прадукцыі на рынак Сербіі абумоўлена наяўнасцю ў вытворцы сертыфікатаў якасці і іншых дакументаў, прадугледжаных еўрапейскім або сербскім (гарманізаваным з ЕС) заканадаўствам.

 

Дыпмісіі Беларусі за мяжой

Усе дыпмісіі Сайт МЗС
Перайсці